Падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне

 

Экспазіцыя трох музейных залаў прысвечана Вялікай Айчыннай вайне

   Патрыятычныя і трагічныя старонкі ў жыцці нашых дзятлаўчан звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Асабліва цяжкімі і кровапралітнымі былі абарончыя баі ў пачатку вайны. У тыя дні ў раёне Дзятлава-Наваельня-Навагрудак у акружэнне трапіла значная частка войск 3-й і 10-й армій. Упартыя баі ішлі пры пераправе праз рэкі Нёман і Шчара. Выключную стойкасць і мужнасць праявілі 14 чырвонаармейцаў. У ноч з 29 на 30 чэрвеня 1941 года  ў раёне сучасных праваслаўных могілак Дзятлава вялі бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 14 чырвонаармейцаў. Фашысты былі здзіўлены мужнасцю і адвагаю 14 байцоў, што заставіла нямецкага афіцэра пахаваць іх з усёй воінскай пашанай. Праз 27 гадоў, у час перапахавання астанкаў воінаў ля помніка-абеліска, калі выкапалі астанкі загінуўшых, сярод асабістых рэчаў і зброі знайшлі запісную кніжачку. Яе накіравалі на экспертызу, дзе ўдалося ўстанавіць 5 адрасоў, сярод якіх і камандзіра-лейтэнанта 14 чырвонаармейцаў – Лебедзева Міхаіла Аляксеевіча. 30 чэрвеня 1941 г. Дзятлаўшчына была поўнасцю акупіравана фашыстамі.

   Дзятлаўчане падняліся на свяшчэнную барацьбу з ворагам. Цэнтрам разгортвання партызанскага руху сталі лясы Ліпічанскай пушчы. Арганізатарамі партызанскага руху на Дзятлаўшчыне былі актывісты з мясцовага насельніцтва і ваеннаслужачыя Чырвонай Арміі, якія апынуліся ў акружэнні. Ужо ў кастрычніку 1941 года адкрыла свой баявы рахунак група партызан Барыса Адамавіча Булата. Вясной 1942 года стварыліся групы Валянціна Сцяпанавіча Біцько, Уладзіміра Канстанцінавіча Лябецкага, Паўла Іванавіча Булака, Васіля Іванавіча Пішчуліна, Фёдара Гаўрылавіча Камарова, Мікалая Рыгоравіча Вахоніна і шэраг іншых дробных партызанскіх фарміраванняў.

   5 мая 1942 года каля вёскі Орля Дзятлаўскага раёна з групы былых ваеннаслужачых быў створаны партызанскі атрад “Арлянскі”, камандаваў ім В.Ф.Кавязін. 10 ліпеня быў створаны атрад 3649-ы пад камандаваннем Б.А.Булата.

   На працягу 1942 года партызанскі рух у раёне набіраў сілу. 12 снежня 1942 года загадам Рафаіла Людвігавіча Васілевіча, які прыбыў у Ліпічанскую пушчу, была сфарміравана Ленінская партызанская брыгада. Камандзірам брыгады быў прызначаны капітан Фёдар Міхайлавіч Сінічкін.

   Ленінская брыгада стала базай для разгортвання іншых партызанскіх фарміраванняў. Так, у чэрвені 1943 года з выдзеленых Ленінскай брыгадай атрадаў імя К.Я.Варашылава, “Іскра”, “Кастрычніцкі”, “Балтыец” была сфарміравана брыгада імя С.М.Кірава. У снежні 1943 года атрад “Перамога” разгорнуты ў брыгаду “Перамога”, а ў лістападзе 1943 года была створана брыгада імя К.Я.Варашылава.

   Пад час акупацыі на тэрыторыі раёна базіравалася некалькі партызанскіх атрадаў і спецатрадаў, што дзейнічалі самастойна. У трохвугольніку, створаным шашэйнымі дарогамі Ліда-Навагрудак, Навагрудак-Наваельня і чыгункай Наваельня-Ліда, дзейнічаў атрад “Кастрычніцкі” пад камандаваннем  В.І.Панчанкава. З Мінскай вобласці здзейсніў рэйд у Ліпічанскую пушчу атрад “Баявы” імя Дунаева пад камандаваннем Я.П.Грыцыневіча. З закінутай у Ліпічанскую пушчу групы спецыяльнага прызначэння на чале з І.А.Жолабавым вырас і дзейнічаў у раёне атрад “Дружба”. Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна была зонай дзеяння і іншых брыгад і атрадаў, якія базіраваліся ў суседніх раёнах. У Ліпічанскай пушчы дзейнічаў атрад “Наватары” пад камандаваннем В.М.Літвінскага, створаны са спецгрупы, закінутай на самалёце ў верасні 1943 года. Жыхары вёсак Гезгалы, Зачэпічы добра помняць партызан атрада “Звязда” пад камандаваннем М.А.Казакова, які базіраваўся ў суседнім Шчучынскім раёне.

   Партызаны наносілі адчувальныя страты гітлераўцам. Яны вялі шматлікія баі па ліквідацыі паліцэйскіх участкаў, валасных упраў і апорных пунктаў праціўніка, устройвалі засады на шашэйных дарогах і чыгунках, знішчалі заводы, масты, жывую сілу праціўніка. Напрыклад, 4 разы быў разгромлены варожы гарнізон у в.Руда Яварская. Буйныя баі праведзены ў снежні 1942 года, у красавіку 1943 года супраць карных экспедыцый у Ліпічанскую пушчу, а таксама пад час выхаду з акружэння ў чэрвені 1944 года. У Ліпічанскай пушчы стваралася партызанская зона, куды немцы пранікалі толькі пад час буйных карных экспедыцый.

   Вайна народных мсціўцаў карысталася ўсенароднай падтрымкай. Партызанскія атрады папаўняліся і раслі за кошт мясцовага насельніцтва. У кожным населеным пункту партызаны мелі сваіх сувязных і разведчыкаў. У снежні 1942 года свой бессмяротны подзвіг здзейсніў сувязны Ленінскай партызанскай брыгады Іосіф Юр’евіч Філідовіч. У ходзе баявых дзеянняў было шмат параненых. Паўстала задача, як быць з раненымі, куды адправіць на лячэнне. Пакідаць іх на хутарах ці ў вёсцы было небяспечна.

Камандаванне прыняло тэрміновае рашэнне арганізаваць пастаянны партызанскі шпіталь. Спачатку ён размясціўся ля в. Вострава Зельвенскага раёна. Каб немцы выпадкова не натрапілі на шпіталь, камандаванне выдзеліла групу партызан, якія былі залічаны ў штат і не толькі займаліся аховай раненых, але і забяспечвалі іх прадуктамі харчавання, адзеннем, выконвалі іншыя функцыі.

У жніўні 1942 г. немцы арганізавалі блакаду партызан. Паколькі шпіталь знаходзіўся ў непраходным гушчары, карнікі яго не заўважылі. Аднак больш заставацца тут было небяспечна. Выйшаў загад арганізаваць стацыянарны шпіталь. З дапамогай партызанскага сувязнога Іосіфа Юр’евіча Філідовіча знайшлі часовую стаянку ў Ліпічанскай пушчы, непадалёку ад яго хутара. Праўда, і тут давялося жыць у палатках, таму што месца было нізкае.

І.Ю.Філідовіч працягваў пошукі месца для будаўніцтва стацыянарнага шпіталя. Да 12 снежня 1942 г. усе работы былі закончаны. На востраве абсталявалі шпіталь: выкапалі зямлянкі, пабудавалі хлебапякарню, лазню, склады. Усе аб’екты – у выглядзе пячор, каб не прыкмецілі самалёты. Праз некалькі дзён партызанская лячэбніца пачала дзейнічаць. Параненых і хворых транспартавалі на спецыяльных насілках санітары. Колькі было тады ва ўсіх аптымізму і надзеі, цяжка перадаць словамі. Да пачатку блакады на востраў паступіла каля пяцідзесяці параненых партызан. Іосіф Юр’евіч і яго сын Іван або ўнук Фёдар прывозілі параненых па толькі ім знаёмай сцяжынцы. Ва ўмоўленным месцы іх чакалі санітары. Сцяжынку пільна засыпалі хвояй, загадзя прыбраўшы кладкі.

Карнікі жорстка лютавалі ў наваколлі, разам з жыхарамі спалілі вёскі Дубраўка, Вялікая Воля, Трахімавічы, Гарадкі, шматлікія хутары. На хутары Іосіфа Юр’евіча чуліся выбухі, калі фашысты бамбілі пераправы на Нёмане і Шчары…

Моцны стук ботаў прымусіў уздрыгнуць Іосіфа Юр’евіча. У чорных бліскучых плашчах, у стальных касках у хату ўварваліся фашысты. Хутар акружылі каля паўсотні карнікаў. Больш як трыста накіраваліся да бліжэйшых хутароў. Усіх трох – старога, жанчыну і хлопчыка – выгналі з дому. Афіцэр загадаў паставіць іх да сценкі. Так і стаялі некалькі хвілін. Было зразумела: Філідовічаў нехта выдаў. – Выбірай стары, або ты пакажашь, дзе шпіталь,сбо ім смерць, - сказаў перакладчык.

Філідовіч маўчаў. Тады фашысты накінулі аўтаматы на нявестку і ўнука. Хлопчык шчыльна прыціснуўся да маці …

Акінуўшы развітальным позіркам хату, І.Ю. Філідовіч адправіўся разам з атрадам карнікаў – каля 300 чалавек – у лес. Іосіф Юр’евіч ішоў не спяшаючыся, цвёрда і ўпэўнена, як ідуць сапраўдныя людзі па сваёй роднай зямлі, уважліва ўслухоўваючыся ў зімовую цішыню гютых махнатых, казачных елак і сосен, такую спакойную і ўрачыстую.

Праз некалькі гадзін афіцэр занерваваўся. І калі перакладчык (ужо ў каторы раз) спытаў наконт шпіталя, Іосіф Юр’евіч, цяжка пераводзячы дыханне, спакойна, быццам нічога не здарылася, стрымана адказаў: - Ужо засталося зусім нямнога. Толькі паднімемся вунь на той узгорак.

Рушылі далей. Неўзабаве некалькі фашыстаў-коннікаў ірванулі наперад, думая, напэўна, самі разведаць дарогу. Але Іосіф Юр’евіч, быццам прадчуваючы гэта ўсё сваей істотай, паспеў ўжо звярнуць на ўчастак, дзе пачыналася самая страшэнная, небяспечная багна. Коні, не прайшоўшы і сарака метраў, пачалі правальвацца ў дрыгву.

  • Стой! – закрычаў на ўсё горла азвярэлы афіцэр і падбег ушчыльную да Філідовіча. – Дзе шпіталь, гавары! – размахнуўшыся, ён з усей сілай ударыў правадніка па твары.

У вачах на нейкае імгненне пацяменела, пасыпаліся іскры, але разуменне было яснае. Былы вясковы асілак утрымаўся на нагах.

  • У шпіталь дарогі няма… - пачаў Філідовіч.

Грымнулі стрэлы. Ён не дагаварыў.

Пачало цямнець. Карны атрад доўга блукаў, усё глыбей і глыбей уцягваючыся ў лясны гушчар. Коні і фашысцкія падводы з мінамётамі пачалі правальвацца ў балота. Гітлераўцы зразумелі: Філідовіч завёў іх на немінучую пагібель.

Сурова шумелі дрэвы, бязлітасна білі сваімі галінамі па тварах карнікаў калючыя кусты, снег замятаў сляды. А выбрацца з балота без правадніка, ды яшчэ ноччу, было немагчыма.

   Слаўнага партызанаскага сувязнога больш ніхто не бачыў. Гітлераўцы жорстка расправіліся с Іосіфам Юр’евічам Філідовічам. Вясной 1943 г., калі растаяў снег, яго цела знайшлі партызаны. Яно ляжала ў лясных нетрах за дзесяць кіламетраў у супрацьлеглым баку ад шпіталя. У патыліцы – дзве кулявыя раны. Героя пахавалі з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Ліпічанскі Сусанін засланіў сабой дзесяткі параненых партызан, урачоў, абслугоўваючы персанал. Шпіталь жыў, дзейнічаў да ліпеня 1944г., да самога прыходу Савецккай Арміі. Праз яго прайшло каля 500 цяжкапараненых партызан.

Гераічнае застаецца назаўсёды. Праз дзесяцігоддзі многія былыя партызаны сабраліся ў раённым цэнтры на адрыццё помніка Іосіфу Юр’евічу Філідовічу. А іх дзеці і ўнукі ўскладалі да манумента букеты жывых цюльпанаў. У іх было ўсё: і святло вялікай радасці, і цень глыбокага смутку. На пастаменце словы: “Іосіф Юр’евіч Філідовіч, жыхар вёскі Пушча Ліпічанская. У снежні 1942 года, ратуючы партызанскі шпіталь, паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна”.

На тэрыторыі Дзятлаўшчыны дзейнічалі 2 падпольныя камсамольска-маладзёжныя арганізацыі. Камсамольска-маладзёжнае падполле дзейнічала з верасня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім раёнах, аб’ядноўвала больш за 30 чалавек, 2 падпольныя групы. Група ў в. Явар Казлоўшчынскага раёна налічвала 20 падпольшчыкаў, 5 з іх камсамольцы. Кіраунікі: С. І. Белы (да красавіка 1943 г.), Б. І. Белы ( да сежня 1943г.). У групу ўваходзілі І. В. Валанцэвіч, У. І. Гульнік,  У. І. Белы, Б. І. Гульнік, А. А. Рагіневіч, А. Б. Шэйбак і іншыя. Ім актыўна дапамагалі камандзіры Чырвонай Арміі камуніст П.Е. Сцяпанаў і камсамолец  Ю. І. Аленін. Якія выйшлі з акружэння. Падполле падтрымлівала сувязь з камандаваннем партызанскіх атрадаў “Балтыец”, “Ленінскі”, “Перамога”, Ленінскай і іншых партызанскіх брыгад.

        Падпольная група ў в. Зачэпічы Дзятлаўскага раёна была створана ў лістападзе 1941 г. Яна налічвала 11 членаў, 7 з іх камсамольцы. Кіраунікі: спачатку Н. П. Сніціч, потым М. П. Сніціч. У складзе групы былі Ф. А. Калодка, А. П. Валюк, У. М. Грос, С. Л. Ланцэвіч, М. Е. Місарэвіч, В. П. Скабейк, А І. Сніціч, В. І. Тананушка.

   Для правядзення работы ў варожым гарнізоне 22 студзеня 1944 года па рашэнню Дзятлаўскага падпольнага райкома партыі быў створаны антыфашысцкі камітэт, узначальваў яго настаўнік Накрышскай школы Георгій Паўлавіч Русін. Камітэт аказваў дапамогу камандаванню партызанскіх атрадаў і брыгад, забяспечваў іх прадуктамі харчавання, вопраткай, зброяй, медыкаментамі. Смела дзейнічалі падпольшчыкі, але вясной 1944 года фашыстам удалося напасці на іх след. 30 красавіка пачаліся арышты. Цэлы месяц вялося следства, арыштаваных падверглі жорсткім катаванням, жаданых звестак фашысты не атрымалі. 1 чэрвеня 1944 года падпольшчыкаў расстралялі. Астанкі замучаных былі перанесены і пахаваны на Дзятлаўскіх могілках. У 1968 годзе на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў – падпольшчыкаў.

   Жудасны, крывавы след пакінулі карнікі ў пушчы: расстралялі ўсіх жыхароў в.Вялікая Воля – 364 чалавекі, у в.Гарадкі – больш за 300, 142 жыхары в.Трахімавічы, 99 чалавек з в.Дубраўка.

   Асаблівым трагізмам і пракляццем вайне гучаць гэтыя два несумяшчальныя паняцці: дзеці і вайна. На дзятлаўскай зямлі ў гады вайны аказаліся дзеці з міжнароднага піянерскага лагера ў Наваельні і дзятлаўскага дзіцячага прытулку. 17 чэрвеня 1941 года група дзяцей замежных рэвалюцыянераў у колькасці 22 чалавекі была накіравана ў піянерскі лагер Наваельня. Праз 5 дзён пачалася вайна. Дзяцей не паспелі эвакуіраваць. Яны прайшлі складаны, горкі, драматычны шлях праз страшную вайну, некаторыя загінулі. Вясной 1943 года дзяцей перавезлі ў Дзятлава, у дзіцячы прытулак, які знаходзіўся ў памяшканні былой рускай школы. У Дзятлаўскім прытулку ўжо знаходзілася каля 300 дзяцей з розных акупіраваных раёнаў (Курска, Арла, у асноўным гэта былі дзеці 406-й школы Ленінграда). Пачаліся эпідэміі шкарлятыны, тыфу. На дзятлаўскіх могілках пахавана 76 дзяцей, са сваімі выхаванцамі пахавана і загадчыца прытулку Валянціна Рыгораўна Кеп.

 Баі за вызваленне Дзятлаўскага раёна пачаліся з рэйду ў тыл ворага 556-га стралковага палка, 169-й стралковай дывізіі, якую ўзначальваў камандзір – падпалкоўнік Пётр Васільевіч Качур, сам ураджэнец Украіны, нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У баях за мястэчка і станцыю Дварэц полк знішчыў звыш 200 салдат і афіцэраў праціўніка, 3 танкі, 40 аўтамабіляў, захапіў многа зброі, 2 паравозы, 5 матацыклаў.

 

Ян Янавіч Фогель

Імя барацьбіта-інтэрнацыяналіста, ураджэнца Латвіі, нарадзіўся ў п.Дурэ Вольмарскага павета Ліфляндскай губерні 24 снежня 1898г.

У жніўні 1914г. становіцца членам партыі бальшавікоў.  Удзельнік Першай сусветнай вайны.

Ян Фогель кіраваў рабочымі дэманстрацыямі і паўстаннем у Вольмары супраць прыгнёту баронаў і кулакоў. Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Ян Янавіч працаваў у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Латвіі, рэдакцыі бальшавіцкай газеты "Цыня".

Пэўны час Я.Я. Фогель знаходзіўся ў Беларусі. У хуткім часе Я.Я. Фогеля залічылі ў асобную групу Ваеннай акадэміі імя М.В. Фрунзе. Пасля заканчэння вучобы Ян Янавіч прызначаецца камісарам 38-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Растове-на-Доне. За самы кароткі тэрмін гэта вайсковае злучэнне выйшла ў лік перадавых, было ўзнагароджана ордэнам Леніна і перайменавана ў 9-ю Данскую стралковую дывізію. Я.Я. Фогель і яшчэ некалькі камандзіраў атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі.

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Янавіч прызначаецца начальнікам Упраўлення ўсенавуча Прыволжскай ваеннай акругі.

У 1943г. брыгаднаму камісару прысвойваецца званне палкоўніка, і ён прызначаецца камандзірам 120-й стралковай дывізіі. Гэта вайсковае злучэнне ў тэрміновым парадку накіроўваюць з Бранска ў Беларусь. Дывізія граміла ворага на Гомельшчыне і ў самым пачатку 1944г. выйшла да Рагачова. У лютым яна ўдзельнічала ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, у вызваленні Рагачова.

Далей баявы шлях ляжаў на Гродзеншчыну. У пачатку ліпеня дывізія Я.Я. Фогеля была ўжо ў Карэліцкім раёне. Натхнёная баявымі дзеяннямі, 3-я армія генерала А.В. Гарбатава, у склад якой уваходзіла 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія, развівала імклівае наступленне ў кірунку Навагрудка, Карэліч, Дзятлава і далей на Ваўкавыск

Пад камандваннем гвардыі генерал-маёра Я.Я. Фогеля 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія з 24 чэрвеня па 8 ліпеня 1944г. прайшла шлях з баямі ад р. Друць да Навагрудка, вызваліўшы ад ворага больш за 250 населеных пунктаў, захапіла 2800 палонных. Шмат ваеннай тэхнікі і зброі.

Генерал Ян Янавіч Фогель быў заўсёды там, дзе вырашаўся зыход бою, напасрэдна ў баявых парадках палкоў, асабістым прыкладам натхняў салдат і афіцэраў на безумоўнае выкананне атрыманага загаду. Але… здарылася бяда. Яна Янавіча цяжка параніла. Лепшыя медыцынскія сілы былі бездапаможнымі.

Пахавалі Яна Янавіча Фогеля з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў парку г.п. Дзятлава.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945г. Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 

Павел Гаўрылавіч Пятроў

10 красавіка 1945г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў званне Героя Савецкага Саюза гвардыі палкоўніку Паўлу Гаўрылавічу Пятрову. Прах героя захоўвае дзятлаўская зямля, пахаваны ён у гарадскім парку Дзятлава. На магіле ўстаноўлены бюст.

Нарадзіўся П.Г. Пятроў 30 жніўня 1906г. у пасёлку Мальцаўская Капальня Томскай губерні.

Восенню 1924г. стаў П.Пятроў курсантам пяхотнай ваеннай школы. У 1927г. малады камандзір Пятроў прыбыў служыць у Маскоўскую Пралетарскую дывізію на пасаду камандзіра ўзвода.

У пачатку трыццатых гадоў П.Г. Пятрова прызначылі камандзірам батальёна. Праз пяць гадоў падраздзяленне заняло першае месца па стральбе і страявой падрыхтоўцы.

П.Г. Пятроў атрымаў новае прызначэнне – камандзір палка.

Вайну Пятроў сустрэў добра падрыхтаваным афіцэрам. Але даводзілася і адступаць, і трапляць у акружэнні, і вырывацца з іх. У 1942г. быў паранены і кантужаны. У тым жа годзе мужнасць, самаахвярнасць камандзіра Пятрова адзначана ордэнам Чырвонага Сцяга. Ён ваяваў на многіх вайсковых пасадах.

У 1943г. гвардыі палкоўніка П.Г. Пятрова прызначылі намеснікам камандзіра 120-й стралковай дывізіі, якая пазней атрымала ганаровую назву "Рагачоўская". Камандваў дывізіяй генерал Я.Я. Фогель. Паміж імі ўсталявалася надзейная франтавая дружба. Але не выпала ёй быць доўгай. Ян Янавіч Фогель загінуў 8 ліпеня 1944г., вызваляючы Карэліцкі раён.

Пад Беластокам 120-я стралковая дывізія сутыкнулася са свежай нямецкай пяхотнай дывізіяй, адбіла сем яе жорсткіх атак.

30 ліпеня Пятроў знаходзіўся на КП камандзіра дывізіі ля в.Канавалы і тут быў цяжка паранены. Яму ампутавалі нагу, але гэта не выратавала ад гангрэны. Памёр П.Г. Пятроў ад ран 27 жніўня 1944г. Перад смерцю папрасіў баявых таварышаў пахаваць яго побач з Я.Я. Фогелем. Просьбу яго выканалі.

 

Іван Сямёнавіч Фурсенка

Нарадзіўся ў 1918г. у с.Дняпроўка (цяпер Каменка) Запарожскай вобласці, у сям'і селяніна. Украінец. У Савецкай Арміі з 1939г.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941г. Камандзір 2012-га зенітна-артылерыйскага палка (49-я армія, 2-гі Беларускі фронт). Старшы сяржант І.С. Фурсенка вызначыўся ў баі 23.7.1944г. у раёне в.Падліпкі (Гродзенскі раён): падбіў 4 варожыя танкі. Фурсенка быў паранены, але працягваў весці бой і знішчыў яшчэ танк праціўніка. Да гэтага разлік зенітнай гарматы збіў 14 варожых самалётаў. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 24.3.1945г. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені.

Памёр ад ран 27.7.1944г. Пахаваны ў г.п. Наваельня Дзятлаўскага раёна. Імем героя названа вуліца ў сяле Кашэнка, дзе ён нарадзіўся, і ўстаноўлена мемарыяльная стэла з яго барэльефам.

8 ліпеня часці 283-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка В.А.Канавалава з ходу авалодалі Навагрудкам і ўзялі кірунак на Дзятлава па маршруце: Кашалёва, Хрольчыцы, Ліжэйкі, Навасёлкі. У выніку паспяховага наступлення часці 283-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка В.А.Канавалава раніца 9 ліпеня 1944 года  вызвалілі Дзятлава.

 

Каля Наваельні некаторы час дзейнічаў палявы аэрадром 46-га гвардзейскага Таманскага авіяцыйнага жаночага палка, якім камандавала герой СССР, палкоўнік  - Бяршанская. За час беларускай наступальнай аперацыі лётчыцы палка зрабілі шматлікія баявыя вылеты, скінулі на ворага шмат бомб ( кніга Аронавай “Ночные ведьмы”).

 

За гады вайны загінула 12018 чалавек, у тым ліку мірных жыхароў 10479 чалавек, на франтах – 1419 чалавек. Партызан – 102 чал. ураджэнцаў Дзятлаўскага раёна і 106 чал. ураджэнцаў іншых раёнаў, падпольшчыкаў – 18 чалавек. Загінула воінаў Чырвонай Арміі пры вызваленні раёна – 282 чал. Усяго пахавана на тэрыторыі раёна каля 20 тысяч чалавек. Вывезена ў Германію – 1256 чалавек, у тым ліку 585 мужчын і 671 жанчына.

      Качур Пётр Васільевіч

Нарадзіўся 9 верасня 1913 г. на Украіне ў сялі Любаміраўка Нікалаеўскай вобл., у сям'і селяніна.  З 1935г. у Чырвонай Арміі.  У 1939г. у радах 169-й стралковай дывізіі прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Украіну, у Бессарабію. Узнагароджаны ордэнам В.І.Леніна, А.Суворава, М.Кутузава, А.Неўскага, чатырма ардэнамі  "Чырвонага Сцяга", "Чырвонай Зоркі", двума ардэнамі ЗША - бронзавай і срэбнай зоркай, польскім Рыцарскім крыжом і медалём "За вызваленне Варшавы" і 10-ю медалямі.

Макулік Міхаіл Георгіевіч

Нарадзіўся ў 1914 г. ў в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Жыў у пас. Козлоўшчына Дзятлаўскага р-на. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху, завошта быў арыштаваны на 2 гады ў ноч з 17 на 18 лістапада 1931г. У 1941г. пераехаў у Налібоцкую пушчу, дзе стаў членам брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння. З 1943г. стаў першым сакратаром Любчанского падпольнага райкама ЛКСМБ. На яго рахунку 270 баявых паходаў і засад. Узнагароджаны ордэнам "Айчыннай вайны"  I ступені, медалём "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, "За перамогу над Германіяй", імянной зброяй.

 

Хацько Іван Фёдаравіч

Нарадзіўся ў 1914 г., па нацыянальнасці украінец. У Савецкім Войску з 1935г. Старэйшы лейтэнант, камандзір батальёна 68-й механізаванай брыгады 8-га гв. танкавага корпуса. Удзельнік вызвалення Запаляр'я, прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Беларусі і ў прыватнасці Дзятлаўскага р-на, вызваленні Польшчы і штурму Берліна. Узнагароджаны двума ардэнамі "Чырвонага Сцяга", "Айчыннай вайны" I ступені, медалямі "За вызваленне савецкага Запаляр'я", "За ўзяцце Кенігсберга".

 

Цывіс Сямён Уладзіміравіч

Нарадзіўся ў 1923 г. ў г.п. Бярэзіна Мінскай вобласці. 5 снежня 1939 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Паўднёвым, III і IV Украінскіх,  I і III Беларускіх франтах. Удзельнічаў у баях за вызваленне Мікалаева, Херсона, Беларусі, Польшчы, Чэхаславакіі, штурмаваў Берлін.

Узнагароджаны двума ардэнамі "Чырвонай Зоркі", медалямі "За перамогу над Германіяй", "За ўзяцце Кенігсберга", "За ўзяцце Берліна".

 

Яўланаў Аляксандр Парфір’евіч

Нарадзіўся ў 1908 г. ў сяле Альшан Варонежскай вобласці. На фронце з 1942г. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі.Узнагароджаны ардэнамі "Айчыннай вайны" II ступені, "Чырвонай Зоркі", медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За вызваленне Варшавы", "За перамогу над Германіяй", "За ўзяцце Берліна", юбілейнымі медалямі.

 

Белы Уладзімір Іванавіч

Нарадзіўся ў 1925г., у в. Явар Дзятлаўскага р-на. У 16 гадоў уключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Быў членам Яварскай падпольнай камсамольска-моладзёжнай арганізацыі. Пасля вызвалення Ддзятлаўшчыны ў 1944г. - салдат 120-й гв. стралковай дывізіі. Прымаў удзел у вызваленні Польшчы, у баях на тэрыторыі Германіі. Пасля вайны працаваў настаўнікам. Мае ганаровае званне "Заслужаны настаўнік школы БССР". Узнагароджаны медалямі "За адвагу", "За перамогу над Германіяй", юбілейнымі медалямі.