Партрэт "Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч"

Партрэт Валуевіча А.А. выканаў наш зямляк, мастак-кераміст Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч у 2020 годзе.  Пасля яго смерці, партрэт перадаля музею яго жонка, Аверкава Марыя Віктараўна. 
Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч, сябра мастака, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 г.Дзятлава. Нарадзіўся ў 1926 г. у в. Хадасы Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў 7 класаў польскай школы.
З 1944 г. ваяваў у атрадзе Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага. У канцы 1944 г. забралі ў армію. Трапіў у г. Шуя Іванаўскай вобласці. Пасля двух месяцаў вучобы амаль ўсіх адправілі  на фронт. Аляксандр застаўся ў атрадзе інструктарам. Вялікую Перамогу сустрэў у Шуі. Дэмабілізаваўся ў пачатку 1946 г.
Пасля арміі, паступіў на настаўніцкія курсы пры Навагрудскім педвучылішчы. Затым вучыўся ў  Баранавіцкім педагагічным інстытуце, на завочным аддзяленні Мінскага педінстытута, затым – Гродзенскага.
Працоўную дзейнасць пачаў у Наваельні настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Наведваў гурткі мастацкай самадзейнасці пры РДК. Захапляўся работай з дрэвам. Валодаючы прыгожым голасам, любіў спяваць, быў ўдзельнікам хору.
Сорак пяць гадоў прысвяціў школе, восем з іх працаваў на пенсіі. Памёр ў 2020 годзе.
М.Л.Несцярэўскі нар. 31.03.1931г. у в.Бацюты Падляскага ваяводства Беластоцкага павета, (Польшча). Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец. Член Саюза мастакоў СССР (1985г.), Беларускага Саюза мастакоў (1986г.). Сябра клуба "Спадчына" (1984г.), ганаровы грамадзянін г. Дзятлава.
У 1945 г. сям'я пераехала з Польшчы ў Дзятлава. Шаснаццацігадовым юнаком пайшоў працаваць у арцель па вырабу мэблі "Чырвоны Кастрычнік" у Дзятлаве. 
У 1953-1955 гг. працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага райпрамкамбіната. З 1955г. - інструктар раённага Дома культуры.    Завочна скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1959). З 1959 г. перайшоў у арцель "Прагрэс" загадчыкам клуба, затым мастаком-афарміцелем. У 1962-1963 гг. працаваў настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў Дзятлаўскай СШ № 1.
У 1963-1965 гг. - галоўны мастак Івянецкай  фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі.
У 1965 г. перавёўся вучыцца з Маскоўскага інстытута мясцовай прамысловасці ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне і скончыў ў 1969 г. 
У 1966-1969 гг. працаваў вучэбным майстрам мастацкай керамікі на Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1969-1991 гг. мастаком Мінскага  мастацка-вытворчага камбіната. З 1991 г. пераведзены ў камбінат манументальна-дэкаратыўнага і прыкл. мастацтва. 
Творы яго знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь, Раўбічскім  музеі нар. мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, ў Музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, у музеях за межамі Беларусі, прыватных аматарскіх калекцыях. Асноўная частка захоўваецца ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі. Удзельнік выставак з 1969 г. 
Узнагароджаны медалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве", медалём "Ветэран працы", граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і інш. граматамі і падзякамі. Прысвоена званне "Ударнік камуністычнай працы". У 2008 г. занесены ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Памёр 25.03.2021 г. Пахаваны ў г.Дзятлава.