Машына швейная "Knoch"

Машына швейная "Knoch", г.Заальфельд Германія, 1900-1920 гг.  Бытавая з нажным механічным прывадам, нумарная (U 1111087). Складаецца са станіны і корпуса. Корпус уяўляе чыгунную платформу і рукаў, на якім спераду і ззаду надпіс "KHOCH". Ля асновы рукава таўро трохкутнай формы з выявай швейнай машыны, датай заснавання фабрыкі "1860" і надпісам "NAHMASCHINENFABRIK ADOLF KNOCH * SAALFELD ISAALE". 
Машына на драўлянай шпаніраванай станіне (акрамя пускавога кола) з трыма высоўнымі скрынкамі для швейных прылад і шырокай нажной педаллю.

Швейная машына знаходзілася ў сям'і Кончыкаў, Пятра Раманавіча і Галіны Аляксандраўны, якія пражывалі ў Дзятлаве па вул.Кутузава. Пасля вайны ў канцы 1940-х - пач.1950-х гг. сям'я купіла яе ў Баранавіцкім раёне.
Адольф Кнох (1834 - 1894), рамеснік і механік, а пасля прадпрымальнік, заснаваў фабрыку па вытворчасці швейных машын у Заальфельде (Цюрынгія, Германія) у 1860 годзе. Кампанія была старэйшай у Цэнтральным Германскім рэгіёне. У 1908 годзе кампанію ўзначаліў Карл Кнох, сын Адольфа Кноха, які істотна пашырыў прадпрыемства, аб'яднаўшы яго з іншымі фабрыкамі па вытворчасці швейных машын.
Швейныя машыны "Кнох", якія выпускаліся напачатку 20 стагоддя, мелі розны дызайн. Сёння гэтыя антыкварныя вырабы, можна сустрэць і ў Еўропе, і ў Расіі, і ў ЗША.
Другая сусветная вайна і падзел Германіі адбіліся на лёсе прадпрыемства. У 1947 г., ужо ў ГДР, кампанія была канфіскавана без выплаты кампенсавання ўладальнікам. А ў 1948 г. на яе аснове была адкрыта фабрыка па вытворчасці швейных машын "Текстима".
У 1969 г. вытворчасць была зачынена, а сама фабрыка далучана да групы прадпрыемстваў "Карл Цейс Джена", дзе выраблялі электроніку, аб'ектывы фотакамер і да т.п.