
Ігнат Сымонавіч Дварчанін – яркая постаць у нашай гісторыі. Педагог і літаратуразнавец, паэт, перакладчык, публіцыст, выдавец, вучоны-гуманіст, нарэшце, рэвалюцыянер і вядомы грамадскі дзеяч.
Ігнат Дварчанін нарадзіўся 27 мая (8 чэрвеня) 1895 г. у в. Погіры Слонімскага павета ў беднай сялянскай сям’і. Сям’я вялікая — дванаццаць душ, а зямлі ўсяго пяць дзесяцін. Вядома, жылося вельмі цяжка. Таму дзеці змалку прывучаліся да працы, дапамагалі бацькам. Старэйшы брат Ігната навучыўся кравецкай справе. Іншыя працавалі парабкамі пастаянна або сезонна. Ігнат ужо на сёмым годзе жыцця служыў пастушком. Толькі пяць гадоў наведваў мясцовую школу.
У 1906 г. бацьку пашанцавала — непадалёк ад Дзятлава ўдалося за частку ўраджаю ўзяць у арэнду кавалак зямлі. Ігнат тым часам трапіў у школу вышэйшай ступені, у якой з самых здольных вучняў рыхтавалі народных настаўнікаў.
У 1912 г., маючы 17 гадоў, Ігнат Дварчанін здаў экзамен на званне народнага настаўніка. Яго накіравалі вучыць дзяцей у в. Хмяльніца Слонімскага павета.
У 1915 г. I. Дварчаніна мабілізавалі ў войска. Праз паўгода службы накіравалі ў школу прапаршчыкаў, якую закончыў у красавіку 1916 г. А ўсяго праслужыў тры гады.
Лютаўская рэвалюцыя застала яго на фронце. Да гэтага біяграфія I. Дварчаніна не пазначана грамадскай дзейнасцю. Але нацыянальна-вызваленчы рух на ўскраінах Расійскай імперыі захапіў і яго. Армія развальвалася, Ігнат пакінуў полк і падаўся ў Мінск, дзе разам з іншымі актывістамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) арганізоўваў розныя з’езды і канферэнцыі. У верасні 1917 г. удзельнікі салдацкага з’езда на Заходнім фронце выбралі яго членам Выканаўчага камітэта, а неўзабаве і членам Ваеннага савета ўсіх франтоў.
Ігната пастаянна непакоіў лёс сям’і, якую эвакуацыя раскідала па Расіі. Бацьку знайшоў у Новачаркаску. Там на пачатку сакавіка 1918 г. Ігнат атрымаў тэлеграму з Масквы. Клікалі да ўдзелу ў рабоце Беларускага камісарыята (Белнацкома) пры агульным камісарыяце нацыянальных спраў. Пяць месяцаў працаваў сакратаром культурна-асветнага аддзела Белнацкома. Актыўны ўдзел прымаў у рабоце нарады настаўнікаў школ Беларусі, якая адбылася ў Маскве 21—23 ліпеня 1918 г.
Ігнат Дварчанін зрабіў даклад пра задачы школы Беларусі, адзначыў пільную патрэбу беларусазнаўства, каб «народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым сярод другіх, а чуў сябе роўным з роўнымі», — паведаміла газета «Дзянніца» 26 жніўня 1918 г.
Вясной 1919 г., пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад нямецкіх войск, Iгнат Дварчанін прыехаў на Дзятлаўшчыну — шукаў маці. Дапамагаючы Савецкай уладзе, заснаваў беларускую школу ў в. Пецюкі і культурна - асветны гурток у Дзятлаве. Тут і заспелі яго белапольскія войскі.
Дварчаніна, ужо вядомага беларускага актывіста, арыштавалі, зняволілі ў Беластоцкім канцлагеры, але яму ўдалося ўцячы. Дабраўся да Мінска, дзе сустрэўся з былымі сябрамі. Яны раілі падацца ў Вільню, заняцца навукай. Паслухаўся, да таго ж спадзяваўся адшукаць там і брата. Да Вільні дайшоў пехатою.
Не пакідала яго думка пра вышэйшую адукацыю. Дзе вучыцца? Выбраў Прагу — туды кіраваліся беларусы. Але Пражскі універсітэт прымаў на вучобу толькі з сярэдняй адукацыяй — з атэстатам сталасці. Такога дакумента I. Дварчанін не меў, хоць быў у яго неблагі вопыт настаўніцтва. I ў свае 25 гадоў ён не пасаромеўся сесці на школьную лаўку ў Віленскай беларускай гімназіі. Залічылі як вольнага слухача. На жыццё зарабляў, працуючы начным вартаўніком.
У 1921 г. I. Дварчанін падаўся ў Чэхію. Здзяйснялася мара, ажыццяўлялася даўняя думка вучыцца ў жаданым Карлавым універсітэце.
Захапленне гісторыяй беларускай літаратуры, наогул беларускай гісторыяй, набыла ў пражскія гады I. Дварчаніна сталасць. Яго даследаванне светапогляду і дзейнасці беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны лягло ў аснову доктарскай дысертацыі «Францішак Скарына як гуманіст на беларускім грунце».
Дварчанін быў удастоены навуковай ступені доктара філасофіі. Яму прапанавалі месца на кафедры філалогіі Карлава універсітэта. Але Ігнат Сымонавіч вярнуўся ў Вільню.
Нацыянальнае адраджэнне вывела з гушчы народа плеяду паэтаў — Міхася Васілька, Піліпа Пестрака, Міхася Машару, Валянціна Таўлая, Алеся Салагуба. З імі як рэдактар працаваў I. Дварчанін. Яшчэ Iгнат Дварчанін чытаў лекцыі ў віленскім гуртку Грамады.
У кастрычніку 1927 г. Дварчаніна паклікалі на допыты па справе Грамады — пакуль што як сведку. Ён стараўся падаць арганізацыю ў спрыяльным святле, як легальную, абараняў. Спыталі: чаму ў Грамаду ўступіў? Адказаў: бо яна згуртавала значную частку народа і ў праграме не мае нічога, што магло б адштурхнуць ад яе.
23 лютага 1928 г. у Вільні пачаўся судовы працэс над Грамадой. На лаве абвінавачаных сядзелі 56 чалавек на чале з пасламі сейма Б. Тарашкевічам, С. Рак-Міхайлоўскім, П. Мятлой, П. Валошыным.
Амаль тры месяцы цягнуўся працэс. Даказаць віну было цяжка. У кіраўніцтве Грамады паліцыя не мела сваіх тайных інфарматараў.
Працэс закончыўся ў маі. Галоўныя абвінавачаныя — усе паслы сейма — атрымалі па 12 гадоў турэмнага зняволення, астатнія — ад трох да васьмі.
Акрамя Вільні, у Гродна судзілі 75 актывістаў Грамады, у Беластоку — 133. Суды засведчылі рост уціску санацыйнай Варшавай, што душыла вызваленчы рух беларусаў.
У пачатку 1928 г. разгарнулася актыўная падрыхтоўка да выбараў ў польскі буржуазны сейм. Тады прозвішча нашага земляка Дварчаніна занеслі ў спісы кандыдатаў у дэпутаты па выбарах у сейм ад рабоча-сялянскага адзінства.
Ігнат Сымонавіч балаціраваўся па 61-й Навагрудскай акрузе. Ад акругі вызначылі пяць дэпутацкіх месцаў. У выніку выбараў тры месцы занялі прадстаўнікі левых, апазіцыйных ураду Пілсудскага, сіл. Пасламі (па-цяперашняму дэпутатамі) польскага сейма сталі Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Павел Крынчык.
Разам з беларускімі пасламі Iгнат Дварчанін стварыў у сейме самастойную фракцыю — Беларускі пасольскі клуб «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых». 31 мая 1928 г. з трыбуны сейма I. Дварчанін выступіў з праграмнай дэкларацыяй. Ён, у прыватнасці, заявіў: «Клуб «Змаганне» выступае супраць нацыянальнага прыгнёту, за поўнае самавызваленне прыгнечаных народаў і польскага народа, супраць паланізацыі, за агульную дзяржаўную асвету дзяцей працоўных мас, за адзіную свецкую школу на роднай мове, супраць палітыкі ўзбраення, мілітарысцкага цяжару ваенных дагавораў, за поўнае раззбраенне, заключэнне дагавору аб ненападзе з Савецкім Саюзам, супраць фашысцкай аграрнай палітыкі, супраць асобніцтва, за зямлю без выкупу для сялян, супраць палітычнага прыгнёту і тэрору, за поўную свабоду слова, друку, сходаў і арганізацый рабочых, сялян, прыгнечаных нацыянальнасцей, за свабоду стачак, за вызваленне асуджаных рабоча-сялянскіх паслоў, супраць фашысцкай дыктатуры капіталістаў і памешчыкаў, за рабоча-сялянскі ўрад, супраць імперыялістычнай вайны, за брацкае супрацоўніцтва ўсіх народаў».
Стварыўшы вясной 1929 г. мясцовыя сакратарыяты, клуб «Змаганне» стаў уплывовай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй Заходняй Беларусі, змагаўся за дасягненне тых жа мэт, што і Грамада.
Паліцыя не змірылася з дзейнасцю «Змагання». У студзені 1930 г. яна арыштавала ўсіх супрацоўнікаў Цэнтральнага сакратарыята, а ў жніўні — і «недатыкальных» паслоў.
Усе 5 судовых працэсаў над Ігнатам Дварчанінам былі пераважна за выступленні на мітынгах у Пінску, Алекшычах і інш. За паасобныя справы яму вынеслі прысуд на 21 з палавінай гадоў турмы. Першы год I. Дварчанін сядзеў у Гродзенскай турме, затым паўгода — у турме па вуліцы Стэфанскай у Вільні.
У красавіку 1932 г. I. Дварчаніна вывезлі ў Равіч. Там турэмны актыў сустрэў яго як героя Заходняй Беларусь
15 верасня 1932 г. адбыўся абмен польскіх палітычных зняволеных на вязняў Савецкага Саюза. Сярод іх быў і I. С. Дварчанін.
У Мінску яго сустрэлі з пашанай, сардэчна. Запрасілі на працу ў Акадэмію навук БССР — у камісію па вывучэнню Заходняй Беларусь У 1933 г. Iгната абвінавацілі ў сувязях з «нацдэмаўскім цэнтрам», які нібыта дзейнічаў на карысць буржуазнай Польшчы.
Жыццё Ігната Сымонавіча Дварчаніна трагічна абарвалася 8 снежня 1937 г.
Рэабілітаваны ў 1956г.
Друкаваўся з 1917г., вершы – у газетах “Вольная Беларусь”, “Наша думка”, часопісах “Наш шлях”, “Маладое жыццё”, “Прамень”, “Студэнцкая думка”, артыкулы – у газетах “Народны звон”, “Дзянніца”, часопісе “Родныя гоні”. Склаў “Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры” для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ, выпушчаны 5-цю асобнымі часткамі і адзіным выданнем у Вільні ў 1927г. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на беларускую мову паэму А.Блока “Дванаццаць” (Вільня, 1926).
Доктарская дысертацыя “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” выдадзена ў 1991г.