Музейныя калекцыі

Музейны фонд установы культуры “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей” налічвае 15623 адзінкі асноўнага фонду і 3214 адзінак навукова-дапаможнага (дадзеныя на 1 мая 2024 года). Храналагічныя рамкі музейных прадметаў ахопліваюць перыяд са старажытных часоў (каменны век)  да цяперашняга часу.

Музейны фонд складаецца з 5 калекцый: “Археалогія”, “Нумізматыка”, “Дакументы і пісьмовыя крыніцы”, “Рэчавыя помнікі”,  “Фота – кіна –фонадакументы”, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на падкалекцыі.

Калекцыя “Археалогія” налічвае 782 адзінкі захоўвання. Яна сфарміравалася са знаходак, якія былі знойдзены пад час археалагічных раскопак старажытных стаянак (10 – 2 тыс. да н. э. ) на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна каля вёсак Чарлёнка, Падвялікае, Скрундзі, Селівонкі, Нясілавічы, Пархуты – 1, Пархуты – 2, г.п. Наваельня, а таксама раскопак Ваўкавыскага і Навагрудкага замкаў (ХІ – ХІІІ ст.); раскопак у г. Дзятлава (1990 – 1992 гг.), дзе праводзілася даследаванне культурнага слоя двух градаўтвараючых цэнтраў.

У складзе калекцыі: прылады працы (сякеркі каменныя і крамянёвыя, нажы, скрабкі, матыка касцяная, долата, нуклеусы, нарыхтоўкі рубячых прылад, праколкі, пракруткі, прылады серпападобныя, разцы, адбойнікі, брускі і інш.), зброя (сякеркі баявыя, наканечнікі стрэл і рагацін, жалезныя ядра), фрагменты прадметаў побыту (спражкі, ключы, крэсіва, трубкі курыльныя, фрагменты керамікі, фігурка рытуальная, і іншыя), архітэктурна – будаўнічая кераміка (кафля, плінфа, цэгла, фрызы архітэктурныя), упрыгожванні (пацеркі, пярсцёнак, фрагмент касцяной пласціны з арнаментам, вырабы з бурштыну, фрагменты шкляных бранзалетаў), астэалагічны матэрыял ( зуб і бівень маманта, рог тура, клыкі і рогі дзікіх жывёл), і іншыя.

Калекцыя “Нумізматыка” налічвае 3139 адзінкі асноўнага фонду і складаецца з падкалекцый: “Нумізматыка”, “Скарбы”, “Баністыка”, “Фалерыстыка”.

Падкалекцыя “Баністыка” складаецца з 923 адзінак асноўнага фонду. У склад яе ўваходзяць асігнацыі Расійскай Імперыі, Польшчы, Германіі, РСФСР, СССР і Рэспублікі Беларусь ХІХ – ХХ стст, сучасныя грошы розных краін свету.

Падкалекцыя “Нумізматыка” налічвае 977 адзінак. У яе ўваходзяць манеты: Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, Аўстра-Венгрыі, Германіі, Польшчы, Расіі і РСФСР, Кубы, Аргенціны, Мексікі, Грузіі, Славакіі, Літвы, Балгарыі і інш.

Падкалекцыя “Скарбы” налічвае 123 адзінкі. У яе ўваходзяць: грашовы скарб (14 срэбных солідаў), перыяду Сігізмунда ІІІ, ХVI-XVII ст., чэканка Літвы в.Зачэпічы, Дзятлаўскага раёна.;  грашовы скарб (89 срэбных солідаў), перыяду Сігізмунда ІІІ, ХVI-XVII ст.,чэканка Літвы в.Зачэпічы, Дзятлаўскага раёна; грашовы скарб, выяўлены ў в. Калпінскія, Дзятлаўскага раёна. У скарб ўваходзяць соліды лівонскія часоў шведскай каралевы Хрысціны (1633-1654гг.), соліды рыжскія 1621г., 1626г.

122 манеты з падкалекцыі “Скарбы” ўтрымліваюць каштоўныя металы.

Падкалекцыя “Фалерыстыка” налічвае 1116 адзінак. Складаецца з баявых, юбілейных і працоўных узнагарод СССР, Польшчы, Германіі ХХ ст. У падкалекцыю ўваходзяць таксама настольныя, юбілейныя і памятныя значкі, жэтоны і медалі ХІХ – ХХ стст., якія звязаны з гісторыяй нашага краю, з асобамі-землякамі, георгіеўскія крыжы. У падкалекцыю ўваходзяць 93 адзінкі асноўнага фонду, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы.

 У калекцыю “Нумізматыка” ўваходзяць 557 адзінак, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы.

Калекцыя “Дакументы і пісьмовыя крыніцы” налічвае 4256 адзінкі асноўнага фонду і складаецца з падкалекцый: “Дакументы”, ”Рукапісы і рукапісныя кнігі”, “Друкаваныя выданні”.

Падкалекцыя “Дакументы” налічвае 2870 адзінак - акты, метрычныя кнігі, дагаворы, паведамленні, квітанцыі, даведкі, судовыя справы, прыгаворы, асабістыя дакументы і іншыя дакументы ХІХ – ХХ стст. У яе склад уваходзяць: асабістыя дакументы актывіста КПЗБ Лабара Т.Д., удзельніка грамадзянскай вайны Дзянісіка Г.М; удзельнікаў ВАВ - Біцько В.С., Пішчуліна В.І., Норко М.М., Юдэнка К.Л., Лейка С.І., Шыка М.Д., Панічкова П.Г., Мельнікава К.В., Іванова С.П., Янісона Г.А. і інш., таксама дакументы арганізатараў, першых старшынь калгасаў і дэпутатаў мясцовых Саветаў; вядомых землякоў; воінаў-інтэрнацыяналістаў (Лазовіка Д.І. і Шылава А.С.); перадавікоў  прамысловай вытворчасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, медыцыны.

Падкалекцыя “Рукапісы і рукапісныя кнігі” налічвае 220 адзінак. У падкалекцыю ўваходзяць: рукапісы вершаў пісьменнікаў і паэтаў Заходняй Беларусі: А.Іверса, І.Івашэвіча (П.Граніт), Н.Тарас, М.Танка, П.Пестрака, В.Таўлая, В.Губарэвіча, А.Лебедзева (В.Струмень); успаміны камандзіраў партызанскіх атрадаў; удзельнікаў першай і другой Сусветных войнаў, Вялікай Айчыннай вайны; асабістая перапіска знакамітых землякоў; метрычныя кнігі праваслаўных і каталіцкіх прыходаў Дзятлаўскага раёна; кнігі асабістых спраў, рапарты працоўных калектываў і арганізацый і інш.

Падкалекцыя “Друкаваныя выданні” налічвае 1166 адзінак. У падкалекцыю ўваходзяць: старадрук: “Місал”, Венецыя, 1758г., кнігі ХІХ – ХХІ стст. з дамашняй  бібліятэкі Сасінскіх з в.Труханавічы; бібліятэкі ТБШ в. Труханавічы; выданні ТБШ і Грамады; Віленскія выданні першай паловы ХХ ст.; рэлігійныя кнігі і мемуары з аўтарскімі подпісамі; зборнікі твораў мясцовых пісьменнікаў і паэтаў; лістоўкі ЦК КПЗБ і іншае.

Калекцыя “Рэчавыя помнікі” налічвае 5753 адзінкі асноўнага фонду і складаецца з падкалекцый: “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Сфрагістыка”, “Зброя і боепрыпасы”, “Вайсковы рыштунак”, “Адзенне”, “Музычныя інструменты”, “Прадметы з гісторыі тэхнікі”, “Прадметы побыту і этнаграфіі”, “Прыродазнаўчая”, “Іншыя калекцыі”.

Падкалекцыя “Зброя і боепрыпасы” налічвае 338 адзінак, з іх зброя: 10 адзінак халоднай зброі, 37 адзінак агнястрэльнай зброі, 291 адзінка боепрыпасы.

Да агнястрэльнай зброі адносяцца: дывізіённая гармата ЗІС – 3; батальённы мінамёт узору 1937 года і ротны мінамёт узору 1938 года; кулямёты ППШ і ПД; вінтоўкі (рускія і нямецкія), карабіны: французскі 1937 г., аўстрыйскі 1885 г., рускі 1935 г.; пісталеты сістэмы “Наган”, “Маўзер”, “ТТ”. Боепрыпасы прадстаўлены гранатамі, мінамі, патронамі, гільзамі. Халодная зброя прадстаўлена штыкамі, шаблямі, кінжаламі.

Падкалекцыя “Вайсковы рыштунак”  налічвае 153 адзінкі. Гэта каскі, баклагі, палявыя сумкі і падсумкі для патронаў, кацялкі, планшэткі, кабуры, рамні, якія датуюцца ХІХ – ХХ стст.

Падкалекцыя “Жывапіс” налічвае 215 адзінак захоўвання. Падкалекцыя уключае ў сябе творы як прафесійных, так і самадзейных мастакоў: Рудчыка І.Д., Савіцкага В.М., Пушкова І.В., Красоўскага Я.Я., братоў І.М.Козела і Ю.М.Козела, Ражко В.І., Двараніна А.М., Несцярэўскага М.Л., Сёмухі К.І., Кардаша А.А., Квяткоўскага А.А., Шыбнёва Я.А., Шчамялёва Л.Д. і іншых. У склад падкалекцыі ўваходзяць 64 абразы на драўлянай дошцы з выявамі Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых: Мікалая Цудатворцы, абаронца-воіна Аляксандра Неўскага, а таксама сюжэты: “Нараджэнне Маці Боскай”, “Увядзенне ў храм”, “Благавешчанне”, “Нараджэнне Хрыстова”, “Грамніцы (Стрэчанне)”, “Уваскрасенне Хрыста”, “Благаславенне Гасподне”, “Праабражэнне Гасподне”, “Узнясенне”, “Святая Троіца”, “Узвіжанне”, “Успенне”, “Уваход у Іерусалім”, “Пакроў” . Падкалекцыя ўтрымлівае абразы іканапісных школ Расіі ХІХ – пач. ХХ ст.

Падкалекцыя “Графіка” налічвае 239 адзінак асноўнага фонда. Падкалекцыя ўключае творы як прафесійных, так і самадзейных мастакоў-графікаў: Геруса С.П., Раманава С., Віткоўскага Г.А., Броцкага І.І., Лівакова А.П., Багаткіна В.Е.,        Сёмухі К. І., Лецкі  Р. і іншых. Падкалекцыя ўключае розныя віды прадметаў: малюнак, гравюра, плакат, станковая графіка, архітэктурна – будаўнічая дакументацыя, картаграфія і інш. Асноўная тэматыка падкалекцыі: нацыянальна – вызваленчы рух, Вялікая Айчынная вайна (1941 – 1945 гг.), Ленініана.

Падкалекцыя “Скульптура” налічвае 56  адзінак асноўнага фонду. Падкалекцыя ўключае: творы Азгура З.І., Мацюка У.І., Робермана Л.Е., Несцярэўскага М.Л., Матвеева Я.А. і іншых. Складзе  падкалекцыі: скульптура малых форм, драўляная скульптура, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы працы і ваенных падзей.

Падкалекцыя “Дэкаратыўна – прыкладное мастацтва” налічвае 406 прадметаў асноўнага фонду. Падкалекцыя ўключае вырабы як прамысловыя, так і народныя. Падкалекцыя класіфікуецца згодна тэхнікі выканання: ткацтва, пляценне, вышыўка, разьба, размалёўка, ліццё і іншыя. З сучасных твораў трэба адзначыць габелен ручнога ткацтва “Ф.Скарына”, выкананы А.Дваранінам і І. Данілавай, калекцыю мастацкай керамікі прафесійнага мастака Несцярэўскага М.Л. і выцінанкі  майстра Турчэнік А.Г. У складзе падкалекцыі ёсць медналітыя абразкі ХІХ – пач. ХХ стст.

Падкалекцыя “Музычныя інструменты” налічвае 11 прадметаў асноўнага фонду. У склад падкалекцыі ўваходзяць: гармонь, мандаліна, скрыпка, мандаліна-альт, дудка, барабан, трашчотка, шархуны.

Падкалекцыя “Сфрагістыка” налічвае 8 прадметаў асноўнага фонду. Падкалекцыя  складаецца з 8 пячатак і  клеймаў, якія звязаны з гісторыяй Дзятлаўшчыны.

Падкалекцыя “Адзенне” налічвае 207 адзінак асноўнага фонду. У склад падкалекцыі  уваходзяць: жаночае і мужчынскае грамадзянскае адзенне, форменнае вайсковае, форменнае грамадзянскае, школьнае, служыцеляў культу, народны касцюм, галаўныя ўборы, абутак, паясы.

Падкалекцыя “Прадметы з гісторыі тэхнікі” налічвае 197 прадметаў асноўнага фонду. Падкалекцыя ўключае: патэфоны, гадзіннікі, пішучыя машынкі, вылічальную тэхніку, фотаапараты, радыёпрыёмнікі, бытавую тэхніку ХХ ст. і інш.

Падкалекцыя “Прадметы побыту і этнаграфіі” налічвае 1298 адзінак прадметаў асноўнага фонду. Падкалекцыя складаецца з сельскагаспадарчага інвентару; дрэваапрацоўчага (бандарных, цяслярскіх, сталярскіх інструментаў  Лаўрукевіча І.І.); інструментаў шаўца, якія належалі Лейбовічу Б.Х.; кавальскіх інструментаў і абсталявання кузні Энштэйна Давіда; рыбалоўных прылад ; пчалярскіх прылад і прыстасаванняў; ганчарных прылад працы; прылад для прадзення і  ткацкага інвентару ХХ ст. У склад падкалекцыі ўваходзяць прадметы гаспадарчага посуду, прасы, хатнія прылады і прыстасаванні, асвятляльныя прыборы, дэкаратыўныя талеркі, сталовы фарфоравы посуд завода І.Е.Кузняцова; Ф.Б.Гарднера.

Падкалекцыя “Прыродазнаўчая” налічвае 48 адзінак музейных прадметаў асноўнага фонду. Яна складаецца з узораў карысных выкапняў Паўночнага Каўказа”, дасланых ў дар музею ўдзельнікам вызвалення Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ветэранам 283с.д. Гарапекіным А.Д., а таксама ў падкалекцыю ўваходзяць мінералы “Крышталь аметыст”, Бразілія.  

Калекцыя “Фота – кіна – фонадакументы” налічвае 1634 адзінкі. Яна складаецца з падкалекцыі “Фотадакументы” і падкалекцыі “Кіна-фонадакументы”.

Падкалекцыя “Фотадакументы” налічвае 1613 адзінак музейных прадметаў асноўнага фонду. У склад падкалекцыі ўваходзяць: фотаздымкі і негатывы ўдзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны; нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі; удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны; а таксама фотаздымкі пасляваеннага перыяду: калгаснікаў, старшынь калгасаў, спартсменаў, знакамітых землякоў, працаўнікоў у галіне культуры, адукацыі, медыцыны; воінаў-інтэрнацыяналістаў, калектываў самадзейнасці, новабудоўляў і помнікаў. Падкалекцыю дапаўняюць фотаальбомы, якія адлюстроўваюць гісторыю Дзятлаўшчыны.

Падкалекцыя “Кіна –фонадакументы” налічвае 21 адзінку асноўнага фонду. Падкалекцыя ўключае у сябе магнітафонныя стужкі з запісамі выступленняў ветэранаў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны, былых членаў КПЗБ і ЛКСМЗБ на злёце ў г. Дзятлава 7 мая 1976 г.; кінастужку “Свята працы жыхароў Дзятлаўскага раёна ва ўрочышчы Рыбакі”, 1979г. і іншае.