Кніга "Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі"

Кніга з'яўляецца другім аўтарскім зборнікам краязнаўца М.І.Лук'янчыка. На прыкладах лёсаў людзей дзятлаўскай зямлі прасочваецца гісторыя роднага краю. Аўтар зборніка на працягу многіх гадоў вядзе краязнаўча-пошукавую работу па вывучэнні гісторыі Дзятлаўскага раёна, біяграфій яго жыхароў, іншых людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё Дзятлаўшчыны.
Міхаіл Іванавіч Лук'янчык нарадзіўся 30 жніўня 1953 года ў вёсцы Падвялікае Дзятлаўскага раёна. У 1970 годзе скончыў Руда-Яварскую сярэднюю школу, у 1976 годзе - гісторыка-педагагічны факультэт Гродзенскага педінстытута імя Я.Купалы. Працаваў у розных школах Дзятлаўскага раёна настаўнікам гісторыі і геаграфіі, намеснікам дырэктара, дырэктарам Нагародавіцкай васьмігадовай і Раготнаўскай сярэдняй школ, больш за сем гадоў займаў пасаду старшыні сельскага Савета. Да выхаду на адпачынак у 2014 годзе - настаўнік гісторыі і геаграфіі санаторнай школы "Баравічок" Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення дзяцей. Настаўнік вышэйшай катэгорыі. Працоўную дзейнасць завяршыў у 2016 годзе ў якасці старшага навуковага супрацоўніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Займаецца вывучэннем гісторыі Дзятлаўшчыны.  Узнагароджаны медалём "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", Граматай Інстытута гісторыі АН РБ, Падзячнымі пісьмамі Дзятлаўскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў. За вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян і актыўную работу па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны ўзнагароджаны граматай рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў" у лютым 2022 г.