Бюст "Міндоўг - Вялікі князь, кароль Літоўскі"

Бюст  заснавальніка і першага караля ВКЛ Міндоўга выкананы мастаком-керамістам, нашым знакамітым земляком М.Л.Несцярэўскім  ў 2013 годзе па тэхналогіі скульптурнай лепкі з тэракотавай гліны. Галаву караля вянчае карона  шасціканцовай формы, упрыгожаная ўзорамі, падобнымі на геральдычны сімвал "Флёр дэ ліс". Погляд скіраваны наперад. Бровы нахмураныя , што надае погляду большай суровасці. Валасы зачэсаны за вуха. Даўжыня валасоў да падбародка. Нос прамы, вусны самкнёныя. Барада і вусы надаюць яму яшчэ большай мудрасці. Унізе на падстаўцы, анфас,  маецца надпіс "Міндоўг". Па абодва бакі профілю бюста - даты "1246-1254", "2013" справа і злева адпаведна. На плячах  ляжыць плашч, замацаваны фібулай.

Міндоўг (каля 1195 - 5 жніўня 1263) - заснавальнік першай дынастыі літоўскіх князеў, кароль Літвы з 1253 года. Упершыню Міндоўг узгаданы сярод літоўскіх князеў у Літоўска-Валынскай дамове 1219 года. Першыя ўспаміны Міндоўга, як князя Літоўскага ў Навагрудку, можна знайсці ў летапісах ад 1248 года, калі Міндоўг выгнаў сваіх пляменнікаў Тавтівіла і Эрдівіла, а землі іхнія захапіў. Гытак жа пра тое, што ў тую гадзіну Міндоўг, ужо быў у Навагрудку, сведчыць зімовы паход 1249-1250 года, Валынскага войска супраць Міндоўга, мэтай якога быў Навагрудак. Праўленне Міндоўга адбывалася ў пастаяннай барацьбе з ворагамі ўнутранымі і знешнімі. Ужо ў 1249 годзе супраць яго ўлады выступілі пляменнікі Таўцівіл і Эдівід, якія прыцягнулі сабе ў саюзнікі жамойцкага князя Вікінта, яцвягаў, галіцка-валынскіх князёў і Тэўтонскі ордэн. Кааліцыю сваіх сапернікаў Міндоўг знейрваваў, заявіўшы аб намеры прыняць каталіцкае хрышчэнне ў пачатку 1251 года. У ліпені яго пасланнік быў прыняты папам Інакенціем IV, які абвясціў Літву ленам святога пасаду і загадаў каранаваць Міндоўга. Пасля гэтага ордэн перайшоў на яго бок. Яцвягаў і жамойтаў князь змог падкупіць. У 1251 годзе Міндоўг і яго жонка Марта былі ахрышчаны ў хрысціянства лацінскага(рымскага) абраду. У 1253 Міндоўг і яго жонка былі каранаваны як "кароль Літвы" і каралева. Месца і абставіны каранацыі застаюцца прадметам спрэчак. Каралеўствам Літва была да 1260 года, узмацніўшы свае пазіцыі  і разбіўшы крыжакоў ля возера Дурба, Міндоўг адмовіўся ад каталіцкай веры і спыніў кантакты з Рымам. Смерць жонкі Міндоўга, стала прычынай яго скорай смерці. Ён жаніўся на сястры сваей жонкі. Муж сястры Даўмонт прамаўчаў, але крыўду затаіў і чакаў моманту, каб адпомсціць. Гэты момант надышоў у 1263 годзе. Міндоўг адправіў ваенны паход на Бранск, да яго павінен быў далучыцца і Даўмонт, але ён нечакана паехаў назад і напаў на двор Міндоўга, забіўшы яго разам з сынамі Руклем і Рэпеклем. Пасля смерці Міндоўга, пачаўся крызіс у ВКЛ, але Літоўскае княства змагло выстаяць і працягнуць сваё развіццё. 
Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч (нарадзіўся 31.03.1931 г. у в. Бацюты Беластоцкага павета, (Польшча), мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец. Член Саюза беларускіх мастакоў (1985 г.). Скончыў Гродзенскае культасветвучылішча (1959 г.), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1969 г.). Працаваў інструктарам Дома культуры, мастаком-афарміцелем на прамкамбінаце ў г. Дзятлава; настаўнікам працы, малявання і чарчэння ў Дзятлаўскай СШ; галоўным мастаком Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі (1963 - 1965 гг.); вучэбным майстрам мастацкай керамікі Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута (1966 - 1969 гг.); мастаком Мінскага мастацка-прамысловага камбіната (1969 - 1991 гг.). Творы М.Л.Несцярэўскага (кераміка, скульптура, жывапіс) экспануюцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гістарычным музеі, Дзятлаўскім краязнаўчым музеі, у музеях за межамі Беларусі, знаходзяцца ў многіх грамадскіх памяшканнях і прыватных аматарскіх калекцыях. М.Л.Несцярэўскі аўтар дэкаратыўных пано і скульптур, якія ўпрыгожваюць станцыю метро "Плошча Якуба Коласа" у Мінску, знаходзяцца ў паліклініцы НАН Беларусі, памяшканнях ВА "Інтэграл"і Мінскага аэрапарта № 2, кафэ "Бульбяная" (Мінск) і гастраноме "Мінск" у г.Валгаградзе (Расія). Выканаў узоры капітэлі, пілястры, кранштэйна, разетак карнізаў і іншых упрыгожванняў для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1995 г.).