Ложак шпітальны

Ложак жалезны, раскладны, часоў Першай Сусветнай вайны, верагодна з нямецкага шпіталю. Складаецца з ніжняга ці верхняга ложа двухяруснага ложка, двух складаючыхся спінак, апор і фіксатараў. Верагодна ложак быў універсальны і мог быць як верхнім, так і ніжнім ярусам. 
Спінкі П-падобнай формы. Апоры якія выступаюць крыху ўверх мелі на канцы квадратныя формы для таго, каб можна было паставіць верхняе ложа. На спінцы паміж апорамі замацаваны тры пруты-перакладзіны, крайнія даўжэйшыя і злучаны знізу з бакавымі апорамі для трываласці. У галаўной спінцы крайнія пруты-перакладзіны выступаюць вышэй і злучаны ў выглядзе літары "П", верхняя частка якой служыла месцам для зменнай таблічкі. На сярэдняй перакладзіне вонкавага боку прымацаваны кручок. Спінкі і ложа злучаны фіксатарамі. Ложа па цэнтру замацавана крыж-накрыж прутамі-перакладзінамі.

Па версіі гісторыкаў, упершыню ложкі з металу былі выраблены ў эпоху жалезнага веку (каля 1000 гадоў да н. э. – 500 гадоў н.э.). Яны ўяўлялі сабой жалезную платформу без спінак, якая стаіць на некалькіх апорах. Як правіла, апор было шэсць (па краях і пасярэдзіне), і былі яны да 0,5 метра ў вышыню. Платформа мела прамавугольную форму і складалася з вонкавай рамы, а таксама прутоў, «сатканых» паміж сабой крыж-накрыж. Так, напрыклад, выглядалі этрускія, старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія металічныя ложкі. Спалі на такіх прадметах мэблі пераважна заможныя людзі і кіраўнікі дзяржаў, так як метал у той час каштаваў дорага, а ложкі вырабляліся ўручную.
З часам ложкі набывалі ўсё больш складаную канструкцыю, іх пачалі ўпрыгожваць каштоўнымі камянямі і слановай косццю. У эпоху Сярэднявечча ў модзе былі раскошныя і вытанчаныя ложкі. Лічылася, што чым вышэй ложак знаходзіцца ад падлогі, тым ён лепшы. Чым ніжэй ложак, тым халадней на ім было спаць. У выніку на іх ўзбіраліся па лесвіцы.
У перыяд сярэднявечча з’явіўся ложак з металічнай спінкай, якая размяшчалася каля падгалоўя і служыла ўпрыгожваннем каркаса. Яе выкоўвалі з некалькіх металічных прутоў, злучаных ў выглядзе мудрагелістых ўзораў. Спінка ўзвышалася над каркасам на вышыню да аднаго (а часам і больш) метра і мацавалася да яго пад уздзеяннем высокіх тэмператур.
Пазней ложкі пачалі вырабляць са сталёвых сплаваў. Яны былі ў выглядзе ўсё той жа сплеценай з прутоў платформы, усталяванай на апоры, але мелі ўжо дзве спінкі (у нагах і каля падгалоўя). Каркас ложка і раму платформы адлівалі, а спінкі злучалі з апорамі, колькасць якіх была паменшана да чатырох. У такім выглядзе яны праіснавалі да пачатку ХХ ст.
У XVIII ст. адрознівалі два віды ложкаў – французскія і польскія. Першыя былі з адной спінкай і ставіліся пасярэдзіне спальні. Другія мелі дзве спінкі і размяшчаліся ў нішы сцяны. Да канца XVIII ст. пачалі з’яўляцца ложкі з больш простым дызайнам, адпаведна, больш даступныя.
У сярэдзіне XIX ст. француз Дэлагль вынайшаў спружынную сетку. З гэтага часу на працягу яшчэ 100 гадоў для вырабу ложкаў выкарыстоўвалі металічныя трубы для каркаса, на які нацягвалі спружынную сетку.
Мода на жалезныя ложкі прыходзіла і сыходзіла шмат разоў. Мода на металічныя ложкі ўзрасла ў Еўропе на пачатку 20 ст., у эпоху з’яўлення авіяцыі і аўтамабіляў. Але ў другой палове стагоддзя драўляны ложак зноў заняў свае пазіцыі.