гадзіннік насценны "наркомаўскі"

Гадзіннік насценны, савецкі з маятнікам, без бою. Апраўлены ў драўляны корпус з дзвумя шклянымі вакенцамі. У верхнем знаходзіцца цыферблат з арабскімі лічбамі і дзве стрэлкі. Вышэй над стрэлкамі надпіс "НКТП 2-й ГОС.ЧАС З-Д  Москва". Пад стрэлкамі "гняздо" для наводкі гадзінніка. У ніжнім вакенцы шкло з фацэтам з шасці частак апраўленых металічным кантам. За шклом знаходзіцца круглы металічны маятнік. Корпус пярэдняй сценкі адчыняецца агульнай дзверцай, якая зачыняецца на кручок. Зверху корпус упрыгожаны карнізам, пярэдняя сценка якога аздоблена рэльефнай разьбой геаметрычнага характару. Знізу - упрыгожанне ў форме трапецыі. 

 Гадзіннік другога гадзіннікавага завода "Слава" г. Масква. Перадала дачка Чурылы А.М. - Лешчанка Ніна Эдуардаўна.
"Наркомаўскімі" называюцца за надпіс на цыферблаце. У гэтага гадзінніка амерыканскія корні. Да 1930-х гадоў у Савецкай Расіі не было уласнай прамысловай гадзіннікавай вытворчасці. У 1929 годзе ў Амерыцы савецкае гандлёвае прадстаўніцтва Амторг набыло дзве абанкруціўшыеся гадзіннікавыя фабрыкі - "Дюбер Хэмпден" з Кэнтана, штат Агаё, для выпуску кішэнных і наручных гадзіннікаў і "Ансонія" (Ansonia) з Брукліна, штат Нью-Ёрк, для выпуску будзільнікаў і насценных гадзіннікаў. Гэтыя два прадпрыемствы і сталі асновай для 1-га і 2-га дзяржаўных гадзіннікавых заводаў Трэста дакладнай механікі ў Маскве, ужо ў 1930-1931 г. г. распачаўшых выпуск першых савецкіх гадзіннікаў.
      З 2 снежня 1917 года гадзіннікавая прамысловасць адносілася да Вярхоўнага Савета Народнай Гаспадаркі РСФСР, а з 6 ліпеня 1923 года да Вярхоўнага Савета Народнай Гаспадаркі  СССР.
Народны Камісарыят Цяжкай Прамысловасці быў утвораны 5 студзеня 1932 года і існаваў да 22 жніўня 1937 года. Далей гадзіннікавая прамысловасць была ў складзе Народнага Камісарыята
Машынабудавання (НКМ) да 5 лютага 1939 года. Пасля ў складзе Народнага Камісарыята Агульнага Машынабудавання да 26 лістапада 1941, далей ў Народным Камісарыяце Мінамётнага Узбраення да 17 лютага 1946 года, далей ў Народным Камісарыяце Машынабудавання і Прыборабудавання да 15 сакавіка 1946 года, пасля гэтага вайшла ў склад Міністэрства з аналагічнай назвай.
      Чурыла Арцемія Міхайлаўна - нарадзілася ў 1933 годзе ў г.п.Дзятлава. У 1954 г. скончыла Гродзенскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Працоўную дзейнасць пачала з 1954 па 1958 год настаўніцай рускай мовы і літаратуры Ахонаўскай СШ Дзятлаўскага раёна. З жніўня 1958 года па снежань 1990, да выхаду на пенсію, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а затым намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 г.п.Дзятлава. На пенсіі працягвала працаваць настаўніцай у гэтай школе. Была таленавітым педагогам, дасягнула высокіх вынікаў у вучэбна-педагагічнай дзейнасці. Яе вучні неаднаразова з'яўляліся прызёрамі абласных алімпіяд па прадмету, удзельнікамі рэспубліканскіх творчых конкурсаў. У 1975 г. прысвоена ганаровае званне "Заслужаны настаўнік БССР", а ў 1984 г. узнагароджана значком "Выдатнік народнай асветы СССР". З'яўлялася дэлегатам Усесаюзнага з'езда настаўнікаў. З 1988 г. - на пенсіі. Занесена ў Кнігу Славы раёна рашэннем Дзятлаўскага выканкама № 284 ад 16 чэрвеня 2009 г.
Памерла 21 лютага 2018 года. Пахавана ў Дзятлаве.